СЯМЕ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)